Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/101

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

зноў стала ціха. Хлопчыкі вярнуліся ў свой лагер напалоханыя, але тут выявілася, што ім усё-ж такі пашанцавала, бо тое вялікае фігавае дрэва, пад якім яны заўсёды начавалі, пашчапала маланка, і яны загінулі-б, каб засталіся пад ім.

Усё ў лагеры прамокла наскрозь. Агонь пагас: хлопчыкі па сваёй дурноце не зрабілі ніякіх захадаў, каб яго захаваць. Гэта было вельмі непрыемна, бо ўсе тры прамоклі да касцей і дрыжэлі ад холаду. Яны вельмі красамоўна выказвалі сваю прыкрасць, але потым заўважылі, што агонь прабраўся так далёка пад вялікі пень, ля якога быў раскладзены, што некалькі вугольчыкаў выратаваліся ад вады.

Хлопчыкі ўзяліся за справу, пачалі збіраць ламачча і кару ў схаваных ад дажджу кутках і пасля доўгіх, цярплівых намаганняў расклалі агонь. Яны навалілі туды як мага больш галля, зрабілі вялізны касцёр — і бадзёрасць зноў вярнулася да іх. Над агнем яны высушылі сваю прамоклую ветчыну, пад’елі, расселіся вакол кастра і да раніцы гутарылі пра свае прыгоды: спаць усёроўна нельга было, бо навакол не было ніводнай сухой мясцінкі.

З першымі праменнямі сонца нашых герояў пачала асільваць дрымота, і яны паляглі на беразе, на мокрым пяску.

Калі сонца прыпякло іх, яны падняліся і млява пачалі рыхтаваць сабе снеданне. Але і пасля ежы яны адчувалі сябе зморанымі; усё цела ламіла; зноў вярнуўся сум па доме.

Том прыкмеціў гэты сум і рабіў усё, што мог, каб развесяліць сваіх таварышоў. Але іх не цешылі ні галачкі, ні цырк, ні купанне. Ён напомніў ім пра вялікую тайну і яму ўдалося крыху ажывіць іх. Том скарыстаў гэта і паспяшаўся зацікавіць іх новай выдумкай, прапанаваўшы ім часова пакінуць разбой і зрабіцца індзейцамі. Гэтая думка здалася ім прывабнай. Яны мігам раздзеліся, выпэцкаліся ад ног да галавы гразёю, зрабіліся паласатымі, як зебры,