Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/100

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

жахам прыціснуліся адзін да аднаго. Па лісцях застукалі першыя буйныя каплі дажджу.

— Хутчэй, рэбяты, у палатку! — крыкнуў Том.

Яны кінуліся бегчы, спатыкаючыся аб карэнні і чапляючыся за ліяны. У лесе бушавала страшэнная бура, і ўсё са стогнам гнулася пад яе напорам. Яркая маланка бліскала бадай што бесперапынна адна ўслед за другой і кожная суправаджалася аглушальным громам. Дождж паліў як з вядра.

Хлопчыкі з крыкам клікалі адзін аднаго, але рэў буры і грамовыя ўдары заглушалі іх галасы. Адзін за адным дабеглі яны да палаткі і схаваліся пад ёй, прадрыжэлыя, падрапаныя, прамоклыя да ніткі; з іх адзення струменямі цякла вада; але кожны быў задаволены хоць тым, што ў яго ёсць таварышы па няшчасцю. Размаўляць ім нельга было, нават каб бура і не заглушала іхных галасоў, бо надта ўжо пляскаў парус над іх галавой.

Навальніца ўсё ўзмацнялася. Нарэшце вецер сарваў парус, і ён закружыўся па воле ветру. Хлопчыкі ўхапіліся за рукі і, штохвілінна спатыкаючыся і насадзіўшы сабе гузакоў, пабеглі пад ахову вялікага дуба, што стаяў на беразе.

Цяпер стыхіі разгуляліся на поўную сілу. Пад несупынным блескам маланак усё вырысоўвалася з незвычайнай выразнасцю: нахіленыя дрэвы, пеністая рака, цмяныя абрысы высокіх уцёсаў на другім беразе. То там, то сям які-небудзь лясны волат нібы ў бойцы валіўся на зямлю, ламаючы маладыя дрэвы вакол сябе; неаслабны грукат грому перарываўся цяпер адрывістымі выбухамі, рэзкімі, сухімі, якія напаўнялі душу невыказным жахам. К канцу навальніца напружыла ўсе свае сілы і забушавала яшчэ з большай лютасцю; здавалася, яна разарве востраў на кавалкі, спаліць яго, вырве з карэннямі дрэвы, сатрэ яго з зямлі. То была жудасная ноч для беспрытульных дзяцей.

Але нарэшце бойка сціхла, і стыхіі пачалі супакойвацца. Грукат грому рабіўся ўсё цішэйшым, паступова ў лесе