Старонка:Symon muzyka 1925.pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Торазгульна і шалёна,
То спакойна, ледзь чуваць...
Нават дома на Сымона
Сталі йначай пазіраць.
«Ну, што-ж? хлопец не загіне»,
Маці думала аб ім:
«Можна будзе жыць хлапчыне
Скрыпкай, талентам сваім;
Падзаробіць і на хату,
Дапамогу сваю дасьць,
Хоць ня будзе тае страты,
Хоць малую ўнясе часьць».
Бацька, хоць не прызнаваўся,
Ды таксама трохі мяк,
Калі часам даставаўся
З-за сынка увагі знак.
Ды Сымонка неахвотна
Граў «кадрылі», «кавалі», -
Біў ён больш на лад маркотны,
Дзе пакутаю зямлі
Аддаваўся сьпеў гаротны,
Сьлёзы жаласьці цяклі,
І дзе чуўся жаль, уціскі,
Крыўда, гора бедака,
Бо сьвет смутку болей блізкі
Быў для сэрца хлапчука.