Старонка:Symon muzyka 1925.pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А Сымону лёс музыкі
Усьміхаўся ў сонцы мар.
Ён са скрыпкай неразлучны,
Ня спускае яе з рук,
А ў час вольны і спадручны
Граў і цешыўся хлапчук.
А як часам горка стане
Ці засмуціцца чаго,
Скрыпку ўспомніць - сонца гляне,
Асьвятляючы ўсяго.
І што ён ня ўчуў-бы толькі,
І пальлецца з-пад смыка
Гоман песьні, віхар полькі,
Вір бурлівы "казака".
- Вось глядзі - музыка новы
І які яшчэ скрыпач!
Спрытны, здатны, адмысловы;
З вузел сам, а ўжо пабач!.. -
На Сымонку і дзяўчаты
Паглядалі цікавей,
Ім пацешыць сэрца ў сьвята
Запрашалі ласкавей.
І Сымонка пад бародку
Дар старога дзеда браў
Ды, прысеўшы на калодку,
"Каваля", кадрылі граў.
Спрытна пальчыкі хадзілі,
Смык то плаваў, то лятаў,
Дружна струны гаманілі,
Бы іх віхар калыхаў,