Старонка:Symon muzyka 1925.pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

41 

V

Час падходзіў за пакровы.
Вецер ліст з лясоў атрос,
І на поле свае ковы
Кінуў зьлёгенька мароз.
Агалела поле. Зьнята
Збажына з яго даўно.
Глуха, пуста і зацята,
І нікога ня відно.
І ціхутка, бы ў магіле,
Зьвіс нязрушана туман
І свае валокны-крыльле
Абапёр на той курган.
Адзінотай і пустэчай
Усюды веяла з палёў,
Нейкай млявасьцю старэчай
Аддавала ад лугоў.
Жыцьцё ўнікла. Бы ў жалобе,
Неба цьмілася, зямля;
Толькі ў руневай аздобе
Вочы песьціла ральля.
У такі час наш музыка
Пасьвіў стадка авячок.
Ціха, глуха, ані зыку.
Сеў пад хвойкай пастушок,
А авечкі рунь шчыпалі
Каля лесу тут адны