Старонка:Symon muzyka 1925.pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Нейк няждана сьмерць скасіла,
Хоць даўно яна, як цень,
Шла за ім, свой міг сачыла
І забрала ў ясны дзень
Пры ўсіх людзях, сярод поля,
Як ён трошкі прыкархнуў;
Згас стары дзядок бяз болю,
Раз ці два адно зяхнуў.
Перацёр век дзед бязродны,
Ціха жыў, цішэй сканаў.
І ніхто ў пясок халодны
Сьлёз гарачых не раняў
І ня плакаў над труною:
Быў пастух - цяпер няма,
І халоднай цішынёю
Агарнула яго цьма.
Толькі ў часе пахаваньня,
Як закопвалі труну,
Горкі смутак разьвітаньня
Ўскалыхнуў душу адну.
- Дзедка, міленькі дзядуня!
На што ты памёр? на што?
Хто-ж мяне цяпер прыгорне?
Хто мне слоўка скажа? хто? -
Прытуліўшысь пад крыжамі,
Ціха хлопчык галасіў;
Стук каменьчыкаў нажамі
Біў яго і дух гасіў...
Пахавалі і накрылі,
Бомкнуў звон разы са два,