Старонка:Symon muzyka 1925.pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І даюць падатак дрэвы,
Лістам сьцелюць верасы.
Адзін верас і красуе,
Там чуваць яшчэ жыцьцё,
А той вецер ліст драсуе,
Разьмятае, бы сьмяцьцё.
Глухла поле, замірала,
Як-бы дух пранёсься злы,
І ў задуме пазірала
Даль з-пад шэрае імглы.
Так на дзетак глядзіць матка,
Як расходзяцца яны
Па ўсім сьвеце з роднай хаткі
На мяжы свае вясны.
Нейкім жалем павявала
Ад аголеных палёў,
Ад шнуроў тых, дзе бывала
Нёсься шолах каласоў.
Там цяпер ральля чарнела,
Глызы ўскопанай зямлі,
І пакошу сеткай белай
Павуцінкі заплялі.
Пад агульны смутак гэты
Граў Сымон цяпер адзін,
Граў прашчаньне жыцьцю лета,
Сьпеву-радасьці далін;
Граў разлуку з дзедкам мілым:
Дзед ня ўздужаў далей жыць -
Пад крыжом, пад тым пахілым,
Дзедка, друг яго, ляжыць.