Старонка:Symon muzyka 1925.pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

37 

А на лета на магіле
Быльнік вырасьце, трава.
І цяпер вастрэй Сымонка
Адзіноту ў сэрцы чуў,
Нейкі смутак, бы пялёнка,
Моцна душу агарнуў.
Гляне ён вакол на поле:
Унь там груша, там лясок,
А там жоўценькі пясок,
А дзядка ня ўгледзеш болей,
Ён памёр, і што з ім стала?
Дзе-ж падзеўся яго дух?
Ці душа ў зямлі прапала,
Як агунь: гарэў — і стух?
Ці яна па сьвеце ходзіць,
Як туман які, адна,
І спакою не знаходзіць,
І нікому ня відна?
Сьмерць, жыцьцё… Дзіўно ўсё гэта!
І на што жыць? каб сканаць?
Сьмерць прышла — і песьня сьпета,
І прыложана пячаць.
І няўжо ня будзе сьледу,
Жыў на сьвеце ты ці не?..
Смуткаваў хлапчук па дзеду,
І з ім бачыўся… у сьне.
А багацьце, што дзед справіў
За век доўгі — скрыпку, смык, —
Ён Сымону ўсё аставіў.
— Ты — музыка-чараўнік!