Старонка:Symon muzyka 1925.pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Кожны раз, як сьвет зьдзіўлёны
Слухаў сьпеў той з заміраньнем,
Праразьлівым бразгатаньнем,
Сьпеў яго глушылі звоны
І сьціхалі з насьмяханьнем.
Ім зайздросна, дзедку, стала,
Што меў дар такі звон гэты,
І што сьвет, у цьму адзеты,
Тая песьня асьвятляла,
Як і сонца сьветліць кветы.
І заглушан быў званамі
Гэты звон, вяшчун прарочы;
Ня трывожыць ён больш ночы
І цьмы, залеглае над намі,
Каб узвысіць лёс сірочы.
У няроўным тым змаганьні
Надарваўся звон чульлівы.
Змоўклі песень пералівы,
Зноў пануе бразгатаньне,
Пустазвонаў клік фальшывы.
І смуткуе звон разьбіты
Аб тых песьнях рознастайных,
Што ў прасторах, у бяскрайных
Зоры слухалі сукрыта,
Каб пазнаць іх сэнс патайны.
Але голас праўды, згоды
Не замрэ ў душы ніколі:
Будзе клікаць ён да волі,
Будзе ў сэрцы жыць заўсёды,
Як той вобраз лепшай долі. -