Старонка:Symon muzyka 1925.pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З шумам лісьцяў і травінак
З сьпевам красак і былінак,
На ўсё чулы і ўспагадны
І прыемны, бы ўспамінак.
А ў час ночы глуха-немы,
Калі месяц блеск свой кіне
У твар ночкавай пустыні,
І пад вэльмам ціхай дрэмы
Зоры высыплюць бы іней,
Ажываў ён, і чароўна
Гралі струны яго самі,
І іх сьпевам-галасамі
Месяц цешыўся бязмоўна
З хорам зор і небясамі.
А калі званар, бывала,
Залатыя ўзбудзіць струны,
Тады хмарка свае руны
Ніжай к долу апускала,
Каб сьпявалі ў іх пяруны.
Ды маўчаў прастор бяздонны, -
Навакола ўсё нямела,
Бура ўзьняцца там ня сьмела,
Бо мінута песень звонных
Дабратою сэрцы грэла.
Так званіў ён, так ён клікаў,
Каб пазнаць дабра адзіна,
Каб айцец ня крыўдзіў сына...
Ды для гэтых яго зыкаў
Ня прышла, дзядок, часіна.