Старонка:Symon muzyka 1925.pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ты, Сымон, баішся сьмерці?
- Не!.. сапраўды гавару:
Я-б хацеў скарэй памерці: -
Дзед памрэш, і я памру.
- Жыць табе, мой хлопча, трэба:
Ты малы яшчэ, дзіця;
Расквітнее твая глеба,
Прыйдзе час твайго жыцьця...
Уміраць хоча! старэчы!..
Сьмейся з гэтай гаманы!.. -
Ды ў той момант дзесь далеча
Ціха бомкнулі званы,
І між імі звон пабіты,
Той надтрэснуты, стары;
Зыкі смуткам апавіты,
Млеюць жаласа ў бары,
- Вось цікава: аб тым звоне
Я й хацеў апавядаць.
- Ну, кажы, кажы, Сымоне,
Бо цікава гэта знаць.

ПЕСЬНЯ АБ ЗВАНОХ

Гудам-звонам срэбра-медным
Звоняць звоны на званіцы.
Звоняць звоны ў час дзяньніцы,
Надвячэр'ем ясна-бледным,
Звоняць звоны галасныя.
Іх віталі сонца косы,
Агнявыя пасмы-стрэлы;
Нёсься звон іх у сьвет белы,
Плыў іх гоман пад нябёсы