Старонка:Symon muzyka 1925.pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Стан пагнуўся, як кульбака,
І верх жудасна абвіс.
А чаму? У іх дзьве долі -
Лёс няроўнага жыцьця...
- Ну, Сымон: ня чуў ніколі,
Каб тваіх гадкоў дзіця
Ды так мудра разважала,
Толькі ведаеш, браток:
Мне здаецца ўсё, што мала
Пажывеш ты, галубок,
Бо ня любяць сьвет і людзі,
Каб іх тайнасьці пазнаць
Каб заглянуць у іх грудзі
І зьняць тайнасьці пячаць...
Ну, а што-ж ты мне, старому,
Думаў, хлопчыку, сказаць?
- Тое, дзедку, што нікому, -
Табе толькі можна знаць.
- Дзякуй, хлопча, за увагу,
Надта рады, мой каток?
Сядзь бліжэй, а я прылягу,
Бо штось ные трохі бок...
Эхэ-хэ, брат! адсьпявана
Мая песьня, дый пара -
Ўсё нутро ўжо папсавана,
Чуць трымаецца кара. -
Застагнаў дзед, кладучыся,
Лёг, шчаку рукой падпёр.
- Сьмерць падходзіць, крадучыся,
Як да стада воўк з-за гор...