Старонка:Symon muzyka 1925.pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І чаго зямля так сумна
Познай восеньню, зімой?
І чаму прыветна, шумна
І так весела вясной?
Бо яна, відаць, штось знае,
Бо яна жыве, дзядок.
Ўсё жыве і душу мае:
Краска, дрэва і жучок...
- Хто-ж яго, Сымонка, знае,
І ня нам судзіць аб тым:
Гэта справа - патайная,
Ня мне розумам дурным
Гэты белы сьвет тлумачыць,
Бо хто-ж я? сьляпы мужык!
Мо' твой розум далей бачыць,
Мо' ты ў праўду глыбей ўнік,
А стары ўжо, бач, дурнее,
Як за семдзесят залез.
- Ты зірні, дзед, унь чарнее, -
Паказаў хлапчук на лес, -
Пара хвоек так прыгожа, -
Ты прыгледзься добра к ім...
Ці ня праўда, як ня схожа
Адно дзерава з другім?
Тая хвоя, што пры полі,
Бач, стаіць, як важны пан.
Разгарнуўшы на прывольлі
Свае лапы, бы каптан;
А другая, небарака,
Пахілілася наніз,