Старонка:Symon muzyka 1925.pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Да сябе ўзяў дзед Сымона,
За плячук яго патрос.
— Ну расказвай! кажы сьмела,
Мой музыка малады:
Што ў цябе там зноў насьпела?
Можа песьня для дуды?
— Вось што ўперад я спытаю:
Дзед! ці чуе зямля боль,
Як па ёй саха крывая
Робіць боразны і роль?
Як зямельку конік топча,
Ці баліць ёй? ці чутно?
— Мудра ты пытаеш, хлопча, —
Проста слухаць мне дзіўно!
Не, я чуе, бо ня жыва:
Хіба можа чуць пясок?
Заўсягды зямля маўкліва:
Як ні бі яе — маўчок! —
Змоўк Сымонка і прыгнуўся,
Цень задумы на ім лёг;
Ён у думках зноў замкнуўся
Ды скуб траўку каля ног.
— Не, дзядок: а мне здаецца,
Што яна такі жыва,
Бо адкуль усё бярэцца;
Краскі, дзерава, трава?
Ўсё з зямелькі, дзедка мілы!
Хто-ж іх корміць дарагі?
Хто дае ім моцы, сілы?
Як, з чаго растуць лугі?