Старонка:Symon muzyka 1925.pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Але дудка замірае,
Як-бы той дзявочы ўздых,
І паволі заціхае
У прасторах дзесь пустых.
Граў Сымонка, а дзед слухаў
І ківаў у тахт яму,
Як-бы ён з вялікай скрухай
Думаў нейкую думу.
— Добра граеш, хвацка граеш! —
Дзед, ачнуўшыся, казаў: —
І вялікі талент маеш!..
Я, брат, зразу адгадаў,
Што музыкам ты радзіўся…
Малайчына ты, Сымон!
Адно б толькі не пабіўся
І ты сам, як той твой звон. —
Здрыгануўся хлопчык зьлёгка,
К дзеду цісьнецца бачком,
Такі шчупленькі ён, крохкі,
Вочкі-ж бліскаюць агнём.
І хлапчынка ня стрымаўся:
— Не, дзед, будзеш рагатаць…
Я даўно, дзядок, зьбіраўся
Дзеду нештачка сказаць,
Ды ніяк не прыбяруся,
Не асмелюся ніяк —
Сьмеху дзедава баюся!
— Эх, Сымон! ото дзівак!
Праўда: молада-зялёна!..
Ах, каб ты здаровы рос! —