Старонка:Symon muzyka 1925.pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён - завала, ён - нязгрэба,
Ён радзіўся гультаём!
Горка стане бедачыне,
Ня прыхіліцца нідзе,
Тады толькі жаль астыне,
Як пажаліцца дудзе.
На прывольлі, сеўшы ў полі,
Смутна стане хлопчык граць;
Льлюцца, таюць зыкі болю,
Аж калоцяцца, дрыжаць,
Ды заплачуць, затрасуцца,
Капнуць дробнымі сьлязьмі,
То ўгару яны памкнуцца,
То зноў нікнуць па зямлі
І жалобна заміраюць
Немай жальбаю глушы,
То зноў ціха зачынаюць
Гоман сэрца і душы.
- Ось, глядзеце, здольна грае,
Як дудар той запраўскі!
Так, галубкі, выцінае,
Што рве сэрца на кускі. -
Смутак жнеек тых апране,
Разагнуцца і стаяць,
Як Сымон на дудцы стане
Жальбу сэрца выяўляць, -
Так-жа грае ён прыгожа,
Серп застыне ў іх руках
І павісьне жменька збожжа
На разогнутых плячах.