Старонка:Symon muzyka 1925.pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

III

Няпрыхільны, як сіротка,
Ня прыласканы нікім,
Ведаў хлопчык, як салодка
Жыць вось так, сабой самым.
На Сымонку даўно ў хаце
Ўсе махнулі ўжо рукой.
Не радзіцца-б лепш дзіцяці
З такой чуткаю душой.
У куточках, дзе спрадвеку
Беднасьць лютая гняце.
Цяжка жыць у цемнаце,
У зьнявазе чорнай, зьдзеку,
Дзе адбітак свой з-за хлеба
Накладае талака,
Дзе так пільна праца трэба,
Плечы моцныя, руа,
Дзе рот лішні на прымеце
І так топчацца сям’ёй, —
Лепш-бы там ня жыць на сьвеце
Дзеткам з чуткаю душой!
І Сымонка чуў і бачыў,
Як крыўляліся дзядзькі,
Ведаў, што ў сям’і ён значыў;
Нават родныя бацькі
Папракалі сына хлебам
Пры абедзе за сталом.