Старонка:Symon muzyka 1925.pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

- Дудары? - стары спытаўся: -
Гм!.. дык уньшто... пачакай!
Ты, відаць, ня просты ўдаўся,
Дам табе я нешта... грай!
Вось пакуль што, мой бядача,
Дудку дам табе я ў дар:
Ты - музыка, брат, няйнача,
Будзеш некалі дудар. -
Расхінуў тут дзед халат
Ды з кішэні-бакавушкі
Вынуў дудку-весялушку
І заграў на гэты лад:
"Сьвіньні ў рэпе,
Сьвіньні ў рэпе,
Парасята ў грэчцы,
А музыка
Без языка
Каля печы трэцца!.."
І яшчэ дзед разоў пару
Спрытна пальцамі прабег.
У Сымонкі ў вочках, твару
Бегаў ціхі-ціхі сьмех.
Ён, працягшы сваю ручку,
Вочак з дзеда ня спускаў.
- На, Сымоне, маеш штучку!
Грай здаровы! - дзед сказаў.
Як-бы дар які там з неба,
Дудку тую ўзяў Сымон.
- "Намачыць яе, брат, трэба:
Галасьнейшы будзе тон.