Старонка:Symon muzyka 1925.pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І ня тым занят быў ён:
Зыкі смутку, песьні волі
Чуў хлапчук з усіх старон.
І цяпер, як няпрытомны,
Стаў на гонях і стаіць,
Як выгнаньнік, як бяздомны,
Што ня ае дзе схіліць
Галаву сваю сірочу,
І надзей у ім няма.
Сам хлапчук ня знаў, што хоча,
Дзе, аб чым яго дума.
Ён ня ведаў, што з ім стала -
Сэрца поўніў нейкі сьпеў,
Думка дзесь ня тут блукала,
Дух як-бы кудысь зьляцеў.
- Эй, Сымон... Заснуў, ці што ты?
- А то ты... Ах, мой дзядок!..
- Дзе-ж авечкі... Ой, блазнота...
Ну, й дадуць табе, браток! -
Тут Сымон ахамянуўся,
Бегчы кінуўся кулём.
- Стой! куды ты?.. Не ачнуўся!
Унь авечкі, за аўсом! -
"Зьбілі хлопца зусім з тропу,
Як ён рух яшчэ схаваў!
Б'юць, як цэпам тым па снопу!"
Дзед з сабою разважаў.
- Ну што думаў, брат Сымоне?
- Ах, дзядуня, любы мой!
Дудары тут шлі сягоньня...
Як-жа гралі! а-ё-ёй!