Старонка:Symon muzyka 1925.pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Бо ў тых зыках чараваньня
Сьпевы ўласныя плыні.
Струны сэрца ў ім дрыжалі,
Як дрыжыць блісканьне зор
У надземнай цёмнай далі,
І музыкам падпявалі
І ляцелі на прастор
У салодкім заміраньні
Ясным зоркам на спатканьне.
Дудары ўсё перайгралі,
Дальш у сьвет яны пайшлі,
А ў душы яшчэ сьпявалі
Зыкі дзіўныя, плылі,
Разрасталіся й далёка
Душу вабілі сабой
І нясьлі яе высока
Над гаротнаю зямлёй.
Зыкі душу напаўнялі,
І куды-б ён ні пашоў,
Над ім гралі і сьпявалі
Дуды, песьні дудароў.
Разоў пяць губляў авечкі,
Шкоды ў полі нарабіў,
Здрасаваў шнуроў тры грэчкі,
Вератнік аўса прыбіў!
І за тое-ж дасталося
Ад суседзяў, ад бацькоў.
Многа выцерпець прышлося
Папіханак, кулакоў!
Толькі-ж хлопчык ня чуў болю,