Старонка:Symon muzyka 1925.pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Надта горача ад сонца,
Ці іх гоніць хто адтуль?
Ці ім блага там бясконца?
І скажы, дзядок, адкуль
Хмаркі гэтыя выходзяць
Эх, дзівак ты! — кажа дзед: —
Што за мысьлі ў цябе бродзяць?
Так утворан гэты сьвет:
Грэе сонца, ходзяць хмары,
Носяць сьнег і дождж і гром,
Ночкай вынікнуць стажары,
І бяздонныя амшары
Зоркі высьцелюць руном
Ды на поўдзень ад паўночы
Шлях праложаць бяз прысад,
А куды, куды ён крочыць,
Хто адкажа табе, брат?
Вее вецер і сьціхае,
Як увойдзе ў берагі;
Па зіме вясна ўбірае
Твар зямлі, лясы, лугі;
І прачнецца ўсё дазваньня,
Жыцьцё ўзбудзіцца ў зямлі,
І бяз нашага пытаньня
Колас вырасьце ў ральлі. —
Хлопчык слова не прароніць,
Дзеду ў вочы ён глядзіць
І галоўку чуць прыклоніць,
Не варушыцца, маўчыць.