Старонка:Symon muzyka 1925.pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

II

Нясупыннай хваляй плыні
За парою йшла пара,
І прабіла час хлапчыне
Гнаць у поле са двара.
Ён праслухаў навучанку,
Як быць добрым пастухом,
Справіў пугу-павіванку,
Вузлы вывязаў гурком
І пагнаў авечкі ў поле
На папары і на ролі.
Ён цяпер глядзеў больш стала:
Ён - асоба, пастушок,
Нават права меў на сала
І на цёплы кажушок.
Добра ў полі: волі многа
І прастору-шырыні,
Вабяць далі там малога,
Як прынадныя агні.
Што ёсьць там, за тым, уь, гаем,
Дзе зьляглі нябёс вянцы?
Новы край і край за краем
І краі ва ўсе канцы!
І снуецца думка тая,
Каб пашырыць свой прастор;
Думка ўсюды залятае:
За сяло, за хвалі гор