Старонка:Symon muzyka 1925.pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пяе жаваранак той
Так прыгожа-самавіта,
І зачым у высь блакіту
Ідзе ветрык пехатой,
У высь тую, дзе хмурынкі
Над зямлёй плятуць вянкі...
Ці-ж ня мілыя часінкі?
Ці-ж ня слаўныя дзянькі?
Замляваў увесь Сымонка,
Як увосень жураўлі
Крык музычны роняць звонка
Над прасторамі зямлі.
Шнур жывы, загнуты крукам,
Ледзь чарнееца ўгары,
І ўсё стада з сьмелым гукам
Журавель вядзе стары;
Плыўка, згодна ходзяць крылы,
Як адно, у тахт адзін -
Пакідаюць край свой мілы,
Родны кут глухіх лядзін.
Шнур зьнікае, тоне ў багне
Мора сіняга нябёс.
У прастор і хлопчык прагне:
Там другі напэўна лёс.
І ён доўга, нярухомы,
Там стаіць і ўсё глядзіць
У край сьветлы, невядомы,
Дзе зьнікала тая ніць
Вольных пташак на ўсю зіму...
Ну, прашчайце да вясны!..