Старонка:Symon muzyka 1925.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Не нажыць табе багацьця -
Ліст сіротцы спагадае: -
І вясенька маладая
Для цябе - у вечнай страце.
- Так, мне трудна -
Тут нялюдна,
Я тут згіну неабудна,
Ды твой, лісьцік, лёс больш цяжкі:
Ты ў сваёй сям'і бяз ласкі,
Бы ня родны, а прыблудны.

- Ото-ж хлопец урадзіўся!
І ў каго-ж удаўся ён?
Ну, куды ты ўтарапіўся?..
Лепш-бы ты ня жыў, Сымон...
Уй, няўклюда, мухамора!..
Грэх адзін з ім, адно гора.
Не адзін раз чуў парокі
Ад бацькоў сваіх хлапчук.
А за што, за што нарокі?
З-за чаго той злосны гук?
І за вошта б'юць малога
І чапляюцца чаго?
Ну скажэце: што благога
У тых забаўках яго?
Хіба грэх складаць казанкі
Або песенькі? Чаму?
Але-ж гэтыя сьпяванкі
Так і чуюцца яму: