Старонка:Svejk.6.pdf/99

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Унь у газэтах пішуць, што легіянеры атрымліваюць на абед гуляш, — з зайздрасьцю сказаў Пісклявы, — а кожную нядзелю смажаную гусь з капустаю і яблыкамі і добры мясны крупнік з рысам. Калі не давядзецца мне адказваць сваёю галавою, дык я туды падамся.

— Мне таксама вельмі абрыдзела гэтая гульня ў доктара, — горача сказаў Ванэк. — Але вы чулі, што ў Аўстрыі канфіскуюць маемасьць легіянераў. Езус-Марыя, гэта можа быць! У мяне-ж у Кралупах гандаль аптакарскімі таварамі.

— Ты мог-бы астацца ў Расіі, — парадзіў яму Марэк, — і выпісаць сюды жонку. Тут твая справа таксама пашла-б!

Але Ванэк з жахам глянуў на яго.

— Як? Перабрацца на край сьвету? Гэта ніяк ня можна! У мяне мэбля палітураваная, а пры перавозцы яе ўсю-б падрапалі. А ўмывальнік белы, з мрамарнаю дошкаю. А што калі зломяць дошку?

Заместа адказу, Швэйк адно плюнуў і, гледзячы сабе на ногі, сказаў:

— Унь да нас сам палкоўнік едзе. Можа ён нам скажа што-небудзь добрае?

Так яно і здарылася. Палкоўнік сказаў ім, каб яны паддалі ходу, бо да таго месца, дзе будуць начаваць, яшчэ двадцаць вёрст, так што прыйсьці туды можна не раней вечару. З гэтае прычыны не пасьпеюць прыгатаваць абеду, і абеду ў гэты дзень ня будзе. Таксама ня будзе і хлеба, бо ў інтэнданцтве хлеба ня выдалі. Але затое, калі палонныя прыдуць на месца, ім будзе выдана трайная порцыя ўсяго, што ім належыць.

Гэтая прамова была спаткана жудаснаю маўчанкаю. Колёна ня ішла, а ледзьве-ледзьве цягнулася наперад, і палкоўнік паехаў поруч з ёю, стараючыся падбадзёрыць людзей:

— Расія — цудоўная краіна! Вось ужо два гады, як нашы адважныя ваякі ваююць за яе. Мы пераможам немцаў, а вашага Франца мы прывядзем на вяроўцы перад ясныя вочы нашага бацюшкі-цара. У гэтым будзе частка і вашых заслуг. Вось, бачыце, гэта — справа рук вашых братоў, ваеннапалонных!

І ён паказаў рукою направа, дзе ішла пад гору вуліца.