Старонка:Svejk.6.pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

хадзіў ад століка да століка і прадаваў «апошні» білет. «Пакуль яго не прадам, — казаў ён, — не магу разыграць латарэю». І адразу-ж выцягаў яшчэ білет, і гэты быў у яго зноў «апошні», і гэтак без канца. Гэта было да вайны, калі людзі былі куды больш паважныя. Усё-такі, выходзіць, і тады было шмат жулікаў на сьвеце.

— Не, як хочаце, а ў стары час было лепш, — стала заўважыў Гаршына. — У тыя часы льга было яшчэ верыць людзям. А цяпер унь у газэтах пішуць, якая ў нас дарагоўля на ўсё: піва каштуе ўжо шэсьцьдзесят хэльлераў, мяса не дастаць, а падноскі пачалі рабіць з дрэва. От, мусіць, стукаюць яны ў часе танцаў!

— Мой бацька таксама заўсёды хваліў стары час, — пацьвердзіў Швэйк. — Ну, а мой дзед, калі пачынаў, бывала, успамінаць бывальшчыну, дык ледзь ня плакаў. Ён часта расказваў мне, што тады было за жыцьцё. Ня жыцьцё, а маліна! Вось ён, напрыклад, служыў у гаспадара і паехалі яны раз на кані ў Прагу, і мой дзед купіў сабе там на адзін крэйцар, гэта значыцца, на два хэльлеры, булку і кілбасу на сьняданьне. Калі яны выехалі за заставу, дзед мой разламаў булку і глядзіць, што ў ёй запечана. Выявілася — кажушок, і як дзед быў рад! Справа-ж была ўжо ў кастрычніку, і падыходзілі халады. Ды што гаварыць! У тыя часы булкі былі куды большыя ад цяперашніх… Або зноў-жа, мая бабуля купіла мужу фуфайку, добрую фуфайку, за дзьве кроны сорак хэльлераў на нашы грошы. Яна была дзеду повяліка, а калі яе вымылі, яна яшчэ выцягнулася, так што прышлося адрэзаць кавалак і з яго вышла цэлая спадніца. Калі памылі фуфайку яшчэ раз, прышлося адрэзаць яшчэ кавалак, і з яго баба пашыла дзьве коўдры, ды майму бацьку асталося яшчэ на гарнітурчык, хоць дзеду фуфайка была ўсё яшчэ даволі вялікая… Так, так, даўней было лепш. Тавар тады вырабляўся куды лепшы…

Марэк замахаў на яго рукою.

— Ты вярзеш ліха цябе ведае што! А я, — гукнуў ён, і роспач пачуўся ў яго голасе, — я яшчэ крышку пагляджу, куды ўсё пойдзе, а тады падамся ў легіён. Бо ад нашага жыцьця толькі трэба хіба павесіцца: чай, каша, хлеб; хлеб, каша, чай…