Старонка:Svejk.6.pdf/95

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ў твар, яна толькі кідала вокам на тыя месцы, якія ў яго сьвярбелі, а таксама і на цэнтральнае месца і казала:

— Ты ў мяне ўжо быў. Ня дурыся, я ўсё памятаю!

— Чаму ты прыходзіш трэці раз? — запытала яна Швэйка, які палічыў парэбным узяць яе памяць пад досьлед. — Сьмяешся з мяне, ці што? Доктар, паклічце старшага унтэр-афіцэра!

— Так што, дазвольце далажыць, — адказаў Швэйк, — я павінен быў зьявіцца. Я адчуваю, як кажуць, бязьлітаснае імкненьне, бо яно гэтак прыемна казлычыцца і…

— Добра, добра! — кінула Аўгіньня Васільлеўна і загадала расійскаму ўнтэр-афіцэру, што ўвайшоў у канцылярыю: — Насып у ранец роўна два пуды пяску і дай вось гэтаму чалавеку прастояць з ім кожны дзень па дзьве гадзіны. А ты, — зьвярнулася яна з сьмехам да Швэйка, — прыходзь да мяне праз тыдзень пасьля таго, як скончыш адбываць кару і раскажаш, як цябе пры гэтым прыемна казытала.

Значыцца, Швэйк стаяў пасьля абеду на выцяжку перад вокнамі канцылярыі; у ранцы ў яго было насыпана добрых трыццаць два кілё пяску. Навокал яго стаялі натоўпам, выскаляючы зубы, таварышы, а Аўгіньня Васільлеўна, падкучараўленая і напарфумленая, выглядала з акна, вельмі здаволеная сабою, сваёю справядлівасьцю і сваім умельствам трымаць у руках цэлую дружыну. Але Швэйк стаяў як каменны статуй, і гэта ёй хутка надакучыла. Яна загадала асядлаць каня і заявіла, што паедзе ў Будслаў да старшага доктара парадзіцца і па мэдыкамэнты.

Ужо седзячы ў сядле, яна яшчэ ўсё аддавала загады ўнтэр-афіцэру, які з пашанаю слухаў яе. Ён выправадзіў яе за вёску і, убачыўшы, што яна сапраўды паехала ў кірунку да будслаўскай царквы, што бялела на сонцы, проста накіраваўся да пакаранага аўстрыяка.

— Ну, браце, кідай пясок, — сказаў ён да Швэйка. — Я чалавек праваслаўны і ня буду мучыць палонных з-за гэткае сьцервы. Яна, сьвіньня тупарылая, заўтра ўжо і ня ўспомніць пра гэта. А калі і ўспомніць, дык я накладу табе ў ранец сена, каб у цябе плечы не балелі. Ідзі чай піць, брацішка.