Старонка:Svejk.6.pdf/90

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Іегеры ў Лібушы. Стары рабіў дома, а сын вучыўся ва ўнівэрсытэце ў Празе. Праўду сказаць, ён найбольш гуляў, як вучыўся, і ўсё пісаў дадому каб яму прыслалі грошай. А стары, добры гэтакі, усе слаў ды слаў, а пра сына ўсім гаварыў гэтак: «Дорага мне каштуе весьці гаспадарку, але даражэй за ўсё абыходзіцца трымаць асла». І вось раз гэты сынок зноў гуляў цэлую ноч з таварышамі, а калі ў іх пад раніцу не хапіла грошай расплаціцца з гаспадаром таго месца, дзе яны гулялі, дык, каб ён іх не затрымаў, паслаў старому тэлеграму: «Егану Іегеру. Лібуш. Грошай. Сын». Праз гадзіну прыходзіць адказ: «Францу Іегеру. Прага. Дуля. Бацька».

— У цябе заўсёды нейкія дзіўныя параўнаньні, — заўважыў «доктар» Ванэк. — Нашто з-за гэтае штукі забіваць людзей? Ёсьць-жа і іншыя спосабы. Можна, напрыклад, скардзіцца.

— Калі я яшчэ адбываў вайсковую павіннасьць, — сказаў Швэйк, — у нас у палку радавы Прахаска задумаў паскардзіцца на фэльдфэбеля Бляшэка. Справа ў тым, што фэльдфэбель выцяў яго нагою ў жывот нібы за тое, што ён дрэнна вымыў падлогу. Ну, Прахаска вырашыў дакласьціся ротнаму. Стаіць ён на самым флянгу, а як ротны падышоў, Прахаска выступіў наперад, рукі па швох, і кажа па-чэску: «Так што, пане ротны, дазвольце далажыць, я скарджуся на тое, што пан фэльдфэбель Бляшэк ўбрыкнуў мяне нагою ў жывот».

Ротны яму на гэта: «Скажэце, — кажа, — гэта самае па-нямецку!»

Але Прахаска па-нямецку ня ўмеў, дык ротны на яго як накінецца: «Па-нямецку ня ўмееце, а дакладвацца ўмееце? А што гэта завецца начышчаная бляха? А што — вычышчаныя боты?» І — трах яму ў зубы! Той пашоў дакладвацца батальённаму. Але батальённы і слова яму ня даў выгаварыць. «Хіба гэтак чэсьць аддаюць? — раўнуў ён на яго. — Чэсьць аддаваць ня ўмееце, а паклёпнічаць умееце? Нягоднік, смаркач, падла гэтакая! Што-ж, начальства гэтакага ўжо і пальцам не крані? Я не ахвотнік да жорсткіх пакараньняў, але за гэтакую нахабнасьць атрымайце трыццаць сутак арышту пры казарме». Пасьля гэтага Прахаска нікуды больш скардзіцца не хадзіў, але праз некалькі дзён у піў-