Старонка:Svejk.6.pdf/89

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Палкоўнік купіў сабе каня, купіў каня і Аўгіньні Васільеўне, і яны вечарамі выяжджалі насустрэчу галодным палонным, якія ледзь перасоўвалі ногі пасьля цяжкае работы; і маладая жанчына кожны раз прымушала іх расступіцца і выстраіцца шпалерамі па бакох дарогі.

У канцылярскім памяшканьні адбываліся папойкі, у якіх удзельнічалі спачатку толькі інжынэры, а пасьля і афіцэры суседніх часьцей. Аўгіньня Васільлеўна ўсім адкрывала сваё сэрца і свае абдымкі і разьяжджала па гасьцёх; тут яе часамі праводзіў цэлы гурт, не саромячыся панурых, раззлаваных салдат, што накіроўваліся ў перадавыя акопы, дзе ім было суджана скласьці свае галовы. Дайходзіла да таго, што з тэй ці іншай групы ніжэйшых чыноў кідаліся ўсьлед бліскучай кавалькадзе злосныя выклікі і заўвагі. Салдаты бурчэлі: «Панове афіцэры тут з дзеўкамі блядуюць, а ты ідзі за радзіму ўміраць!» Або: «Бач, як яны бацькаўшчыне верай і праўдай служаць!» А адзін раз хтосьці папусьціў у Аўгіньню Васільлеўну каменем, і палкоўніку, што ўздумаў быў за яе заступіцца, не засталося нічога іншага, як адразу падацца назад, калі ён не хацеў падпасьці пад немалую небясьпеку. Салдаты лаяліся ўсё мацней, і ў Аўгіньню Васільлеўну паляцела яшчэ некалькі каменьняў.

— Пачакайце, Расія не абыдзецца без рэволюцыі, — заўважыў з гэтага выпадку Марэк.

Пісклявы весела ляпнуў сябе па ляжках.

— Браткі, гукнуў ён, — дык гэта-ж яшчэ толькі ўвэртура. А вось вы зьдзівіцеся, як сапраўдная музыка пачнецца! Увесь сьвет яе пачне слухаць, і ў ва ўсіх буржуяў на зямной кулі звон у вушшу стаяць будзе!

— Няхай сабе граюць, што хочуць, абы нам быць да таго часу дома, — сказаў, пачухваючы сьпіну, Гаршына. — Дрэнна нам прыдзецца, калі нас прымусяць да тэй музыкі падыгрываць.

— Кожны робіць толькі тое, што можа і на што яго вучылі, — абазваўся задумённа Швэйк. — Кожная штука ў што-небудзь ды абходзіцца, а людзі заўсёды спрабуюць, ці ня можа той, хто зьнізу, выбрацца нагару. Праўда, тут любяць пагаварыць, паразважаць, але ўсё-ж доўга не важдаюцца. Ды гэта яно і павінна быць. Выказаць усё адразу і справе канец! Вось як гэтыя