Старонка:Svejk.6.pdf/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Назад за дзьверы! — зноў раўнуў палкоўнік, і Швэйк выляцеў з пакою, з непаразуменьнем пытаючыся сябе:

— Чаго яму, старому хрэну, трэба?

Ён пачысьліў ногі, зноў пастукаў і зноў увайшоў, калі пачуў адказ: «увайдзеце». І зноў яго спаткала халоднае: «Здароў», за якім амаль адразу пашло зноў: «Вон! Марш за дзьверы!»

— Гэтак мы да вечара будзем гаварыць, — сказаў сам сабе Швэйк, робячы «кругом». Але тут умяшалася жанчына.

— Пачакайце! А ты яго ня муч. Станьце вось гэтак, як вы стаялі і адказвайце палкоўніку: «Здравія желаю ваше высокаблагородіе».

— Здра-жла-ва-ска-бродзь! — гукнуў Швэйк, як гэта ён чуў ад расійскіх салдат, і палкоўнік літасьціва ўсьміхнуўся яму і сказаў:

— Вось як трэба адказваць на прывітаньне! Значыцца, ты прышоў мяне пагаліць? А хіба ў вас начальства ня вітаюць? Што-ж у вас робяць у дачыненьні да начальства? — гаварыў ён, паказваючы Швэйку на крэсла, якое паставіў Швэйк насупроць царскага партрэту. Швэйк прадэманстраваў тое, што ад яго патрабавалася і растлумачыў:

— Вось як у нас вітаюць начальства. Але гаварыць пры гэтым ня можна, і яно таксама нічога не гаворыць.

— Гэта значыцца, — зьняважліва сказаў палкоўнік, — што афіцэры ў вас жывёла і абыходзяцца з вамі па-сьвінску!

Швэйк, намыліўшы палкоўніцкія шчокі, накіраваў брытву і некалькімі ўзмахамі выгаліў іх, у той час як дзяншчык падрыхтоўваў ваду, каб мыцца. Палкоўнік сунуў руку ў кішэню і выцягнуў адтуль трохрублёўку.

— Два рублі здачы! У цябе знойдзецца?

— Ня знойдзецца, ваша высокаблагародзьдзе, — адказаў Швэйк, шнарачы ў кішэні. — Толькі адзін рубель.

— Аляксандра Аляксеевіч, — умяшалася ў гаворку дамачка, — любенькі, учора вы мне казалі, што ў вас ні капейкі, а ў самога тры рублі! Ну, а мне трэба купіць пудры і яна каштуе чатыры. Чаму вы мне не даеце грошай?