Старонка:Svejk.6.pdf/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

9

ПАД НОВЫМ НАЧАЛЬНІКАМ

Новы начальнік, якім лёс ашчасьлівіў 208-ю дружыну, быў чалавек, якому ў жыцьці не пашэньціла. Прымушаны дваццаць год таму кінуць службу ў арміі з прычыны нейкіх грашовых няпрыемнасьцяй, ён жыў невядома як, і таму, калі ў часе першае мобілізацыі яго прынялі на службу ў чыне падпалкоўніка, ён з радасьці ахвяраваў на царкву таго сяла, каля якога ён тады жыў, новы абраз.

Але гэта было ў першы і апошні раз, што шчасьце Ўсьміхнулася яму на старасьці год. Полк, якім ён камандваў, быў узяты немцамі ў палон без аніводнага стрэлу, а яму, камандзіру, што выратаваў сваю волю дзеля інтарэсаў Расіі, давялося адказваць за гэта перад ваенным судом. Пасьля яго назначылі за начальніка нейкага кансэрвнага заводу, з якога ў той час, калі ён ім кіраваў, на фронт ішлі толькі напалову напакаваныя бляшанкі кансэрваў, а цягнікі з мясам кудысьці гінулі; такім чынам, яму зноў давялося езьдзіць у Пецярбург і апраўдвацца. Суд і гэты раз прызнаў яго нявіннасьць, і ў выглядзе компэнсацыі, яму павысілі чын на палкоўніка і назначылі за начальніка двух сотняў абарванцаў — ваеннапалонных, што працавалі на пабудове чыгункі. У Астраўкі ён прыехаў уночы, адразу-ж прыняў камандваньне і выкінуў небараку Баранава з яго кватэры, а назаўтра зранку яго дзяншчык шукаў ужо па ўсёй вёсцы цырульніка, каб пагаліць яго высокаблагародзьдзе яшчэ перад тым, як ён зьявіцца перад сваёю дружынаю.

Дарэмна Швэйк ратаваўся, гаворачы, што ён голіць толькі самога сябе, дарэмна стараўся ўпэўніць, што стрыгчы ён наогул ня ўмее зусім. Калі ён рашуча адмовіўся ісьці, дзяншчык схапіў яго за каўнер і пацягнуў за сабою, злосна прыгаворваючы:

— Ведаем, браце: ты ня пойдзеш, а мне палкоўнік усю морду расквасіць!

У вызначанай пад канцылярыю хаце Швэйк застаў новага начальніка за працаю. Швэйк спыніўся ля дзьвярэй і з пашанаю ўзяў пад казырок.

— Здароў! — ласкава сказаў палкоўнік.