Старонка:Svejk.6.pdf/83

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А што-ж здарылася з тваею мадам Хрдлічкаю?

— Гэта вы зараз пачуеце, — заявіў Швэйк, варочаючыся да свае ранейшае тэмы. — Яе мужа выбралі ў члены гарадзкое рады, і з гэтага выпадку яна ўздымала наладзіць дзеля гасьцей абед. Запрасілі дзесяць чалавек гасьцей, а яна купіла дванаццаць шніцаляў і дала кухарцы, каб тая прырыхтавала іх на вячэру з бульбяною прыправаю. З запрошаных зьявілася толькі дзевяць чалавек, так што кожны ўзяў сабе за сталом па шніцалю, а дванаццаты сіротліва астаўся ляжаць на талерцы. Гаспадыня запрашае, каб госьці яго елі, але тыя, вядома, як людзі далікатныя, дзякуюць і адмаўляюцца, хоць, ясна, былі яшчэ галодныя, самі ведаеце, якія апэтыты ў «бацькоў гораду»… Словам, яны і выгляду не паказалі і пачалі гаварыць пра тое, як яны будуць старацца падняць гарадзкі дабрабыт і дамогуцца адмены мастаўшчыны. І раптам — трынк! — патухла электрычнасьць, бо на электрастанцыі штосьці папала ў машыну. Мадам Хрдлічка загадала, каб служанка прынесла лямпу з газаю, а пакуль што кампанія сядзіць у цемені. Раптам у сталовай хтосьці закрычаў ад болю і ў тую-ж хвіліну запалілася электрычнасьць. І перад вачыма ўсіх адкрываецца жудасны малюнак. Гаспадыня прыкрывае рукою на талерцы шніцаль і ў гэтую руку ўколана дзесяць відэльцаў. Вось якія справы адбываюцца ў цемені! Дык як-жа ім ня здарыцца і ў нас, калі цёмна і мы, да таго яшчэ, сьляпыя! А цяпер, браткі, пара нам і драла даваць.

Ледзь пасьпелі яны вярнуцца ў барак, як начальнік дружыны падзякаваў кашавара параю аплявух, калі той паведаміў яго, што пячонка зьнікла і што іншага нічога няма на вячэру. Каб уцешыць начальніка, ён сказаў:

— Дык яна-ж і была ўся заплявана, ваша высокаблагародзьдзе!

— Гэтыя аплявухі былі — канец дзейнасьці Баранава ў 208-й рабочай дружыне. Кашавар паскардзіўся начальніку ў Будславе. Начальства знайшло, што палонныя мелі права есьці пячонку пасьля сканчэньня працэдуры, і накіравала адпаведны рапарт вышэйшаму начальству ў Віцебск. К выніку, Баранава перавялі на іншую пасаду, а на яго месца назначылі палкоўніка Галаваценку.