Старонка:Svejk.6.pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Шкада толькі, што яна ня зусім гарачая, — умяшаўся ў дэбаты Швэйк. — Глядзеце, пара з яе ўжо больш ня ідзе. Вочы мы ўжо ня можам падсунуць да яе яшчэ бліжэй, так што цяпер застаецца толькі падсунуць яе бліжэй да вачэй. Мы-ж — апошні дзесятак, і пасьля нас нікога няма.

Ён працягнуў руку ў кацёл, дастаў кавалачак пячонкі, прыклаў яго да вока і радасна гукнуў:

— Вось гэтак яно дзейнічае як ня трэба лепш! Я бачу, бачу як мае быць!

— А я бачу, што і мне трэба зрабіць тое-ж самае, каб захаваць вочы! — абазваўся Пісклявы. — Чаго ты гэтак чаўкаеш, Швэйк?

— На пячонцы быў кавалачак сала, — адказаў Швэйк, — і гэта можа пашкадзіць на вочы. Так што я сала зьлізаў.

— Зьлізаў і глынуў, — паправіў яго Гаршына. — Па-мойму, браткі, нам усім варта было-б прыкласьці па кавалачку пячонкі да вачэй.

Пад коўдраю пачаўся прыхільны да гэтае прапановы шэпт. І галовы стукнуліся лбамі адна аб адну — гэтак нізка нагнуліся сьляпыя над катлом. А калі Швэйк неўзабаве пасьля гэтага зноў уздумаў узлагодзіць вочы пячоначным цяплом, і сунуў руку ў кацёл, яго рука спаткала там дзевяць іншых рук, якія, растапырыўшы пальцы, зьбіралі на дне катла апошнія астаткі пячонкі.

— Гэта зусім як на банкеце ў мадам Хрдлічкі, — з прыкрасьцю заўважыў Швэйк. — Гэта, ведаеце, была шляхетная, выхаваная жанчына, адно што крыху скупаватая. У пакоях у яе была паркетная падлога, але, каб яе не псаваць нагамі, яна ўкрыла яе ліналеўмам, а каб не псаваць ліналеум, купіла дыван. А на дыван паслала дзяругу, на дзяругу — пакавальную паперу,а на паперу — старыя газэты, каб ня драпаць паркетную падлогу.

— Даволі лухту вярзьці! — засьмяяўся Пісклявы.

— Не, яна сапраўды была гэтакая, — ня ўнімаўся Швэйк, — хоць яе нельга было раўнаць да якоесьці мадам Бразды ў Страканіцы, якая падсьцілала газэты пад свайго мужа, каб ён ня пэцкаў сяньніка і прасьцірадлаў. Яна выпісвала тры газэты, і ўся папера ішла на пасьціл, бо мадам Бразда вельмі шанавала чыстату і парадак.