Старонка:Svejk.6.pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У дружыне распаўсюдзілася новая, недасьледжаная хвароба. З захадам сонца людзі трацілі зрок, сьлеплі і не маглі дайсьці дадому. Абодвы «дактары» зусім зьбянтэжыліся.

Гэта быў вынік нясупыннага голаду. Нейкі вочны нэрв, аслаблены голадам, ня меў сілы пры малым сьвятле пашыраць зрэнку, каб пусьціць у яго колькі трэба сьветлавых праменьняў. Хвароба гэтая апаноўвала аднаго за другім, і здавалася, нібы яна набывае форму пошасьці.

Дык, калі ўночы два чалавекі адразу зваліліся ў равок і ледзь не захлынуліся ў нечыстаце. Ванэк пашоў да Баранава і далажыў яму, што стан здароўя ў людзей дружыны вельмі пагоршаў і што амаль усе пасьлеплі.

— Ну, што-ж я магу зрабіць? — сказаў той. — Я-ж стараўся захаваць дыету і не карміў людзей салам. Наадварот, ім давалі сьвежую капусту, і я загадаў класьці туды пабольш цыбулі. Давядзецца паслаць рапарт у Віцебск.

Хвароба гэтая была ўжо вядома ў расійскай арміі. Вярнуўшыся нейк з Будслава, начальнік выклікаў да сябе абодвых «дактароў» і сказаў:

— Ну от, я прывез лякарства. Даваць сьляпым па сталовай лыжцы кожны дзень. Гэтая хвароба завецца «курыная сьлепата». Чалавек пачынае гэтак-жа сама бачыць у цемені як і куры. Але, паводле досьледаў мэдычнае навукі, зрок пасьля зноў аднаўляецца.

Ён аддаў ім пляшку страшэнна сьмярдзючае рыбінае тлушчы і загадаў:

— Няхай хворыя прыдуць увечары да паходнае кухні, я паспрабую яшчэ адзін сродак. Кашавар будзе варыць валовую пячонку, і хворыя павінны будуць прапарыць сабе параю з яе вочы. Гэта доктар гэтак парадзіў, а наш доктар — самы вучоны чалавек!

Першы спосаб лячэньня сьлепаты быў адразу-ж ужыты. Людзі курчыліся ад аднаго толькі смуроду гэтае рыбінае тлушчы; іх рвала, і ў іх разьлівалася жоўць, але, баючыся, каб зусім не асьлепнуць, яны пакорліва глыталі прыкрае лякарства.

Швэйк, з прычыны адмысловае пратэкцыі, атрымаў дзьве лыжкі адразу. Праз пяць хвілін Марэк убачыў, што Швэйк здымае з сябе ля хаты боты.