Старонка:Svejk.6.pdf/79

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

На змроку, калі наша тройца вярнулася да сваіх таварышоў, што выстраіліся ў колёну, каб ісьці назад у вёску, да іх пад’ехаў конна начальнік і гукнуў:

— Хлопцы, радуйцеся! Кухня прыехала! Заўтра вам будзе абед!

Пабудова чыгункі шпарка ішла наперад. Сотні навакольных сялян, сагнаныя паліцыяй, вазілі пясок. Насып зрабілі проста так бяз рышткоў на працягу двух кілёмэтраў; на яе адразу-ж паклалі шпалы, на якіх умацівалі рэйкі. Інжынэры кудысьці згінулі, а праз два тыдні зьявілася другая партыя, і пачала рабіць яшчэ адну лінію.

Зноў пачаліся маразы. Пасьля пашлі дажджы, сьнег сышоў і на полі зьявіліся вазёры. Ля насыпу зрабілася запруда, вада ля якое ўсё большала. Цэлую ноч дождж ліў як з вядра, а на раніцу палонных, ня гледзячы на надвор’е, пагналі на работу. Калі яны прышлі на месца, дзе ўчора яшчэ быў насып, усе разьзявілі раты ад зьдзіўленьня, а Швэйк шчыра сказаў:

— Вось гэта дык якраз!

Вынік працы шмат тысяч людзей і коняй за ноч зьнік бяз сьледу — насыпу больш не існавала. На полі сумна тырчэлі з гразі змацованыя пагнутымі рэйкамі шпалы, а навокал гэтых шкілетаў паяжджалі на конях расійскія афіцэры і гукалі на палонных:

— Сукіны дзеці, не зрабілі рышткоў! Сволачы, не пакінулі праходаў, каб магла зьбягаць вада!

І сьцёбалі палонных нагайкамі па сьпінах, абвінавачваючы іх у здрадзе расійскай арміі і пагражалі расстрэлам.

Аднак нічога гэтага ня здарылася. За два бліжэйшыя тыдні быў пабудаваны новы насып, у якім ужо былі праходы вадзе, а з Будславу павінен быў прайсьці па нанава пракладзенай каляіне паравік і некалькі парожных вагонаў.

Але цягнік ня мог сысьці з месца. Выявілася, што пад’ём чыгункі вельмі вялікі, бо насып усюды быў аднолькавы на вышыню. Прыехаў нейкі генэрал з інжынэрскімі цэшкамі, аглядзеў кавалак чыгункі, аблаяў яе будаўнікоў «ідыётамі і шэльмамі» і загадаў разьвярнуць увесь насып і замест яго зрабіць спробную каляіну.