Старонка:Svejk.6.pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дружыны набраўся быў добрага намеру паслаць у той дзёнь у інтэнданцтва па хлеб, але загад быў катэгарычны; раздача хлеба затрымала-б дружыну прынамсі на гадзіну, дык ён скамандаваў:

— Выходзь з вагонаў! Зьбірайся ў дарогу!

Адначасна ён загадаў раздаць рабочыя прылады. Выявілася, што іх хапала ня больш як аднэй траціне рабочых. Дык начальнік пачаў суцяшаць тых, хто астаўся з пустымі рукамі:

— Нічога, хлопцы! Вы панясеце прыладзьдзе наперамену. І каб ніхто ня ўздумаў адмаўляць таварышу, калі ён захоча нясьці сякеру ці лапату, або калі яны спатрэбяцца яму на рабоце!

Гэты загад ні разу ня быў парушаны, бо за ўвесь чатырохдзенны пераход ніхто ня выказаў ахвоты цягнуць на сабе дзесяцікілёвыя ламы на ламаньне каменьня. Дый пазьней, у часе работы, ня было аніводнага выпадку бойкі з-за струманта, бо тыя, якім яго не хапала, апраўдваліся перад усімі:

— Мы тут не дзеля работы. Мы можам, у лепшым выпадку, даваць вам парады.

Значыцца, рабочая дружына гультаявата пацягнулася ў дарогу, як караван вярблюдоў у Сахары.

Была адлега. Сакавікоўскае сонца грэла з веснавою сілай і пад скібамі сьнегу сям-там журчэла ўжо вада. Чацьвёра сутак ішлі палонныя ў Будслаў, спыняючыся начаваць у перапоўненых вайсковымі часьцямі вёсках. Людзі ішлі, не атрымоўваючы ні гарбаты, ні абеду, ні хлеба, і трацячы на сваё харчаваньне тыя капейкі, якія дала ім пакража ў Віцебску. Начальнік дружыны з задаволеным выглядам паціраў сабе рукі.

— Дальбог, лепшага шчасьця мне і чакаць ня трэба. Гэтыя дурні нічога не патрабуюць, нічога не ядуць, і я ўсё магу ашчадзіць.

Ён пакінуў сваіх людзей на вуліцы, а сам рашуча ўвайшоў у барак, дзе быў штаб. Тымчасам палонныя разьбегліся хто куды шукаць чаго-небудзь паесьці.

Начальнік штабу нават і ня ведаў, што тут меркавалася будаваць чыгунку і што на работу прысланы палонныя аўстрыякі.