Старонка:Svejk.6.pdf/74

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Часамі хацінкі гэтых абываталяў па чатыры разы ў суткі бывалі занятыя новымі салдатамі, у тым ліку часта і варожымі. І гэтыя няпрошаныя госьці зусім не саромеюцца, а трымаюць сябе «зусім як дома».

Афіцэры зусім ня думаюць, што парушаюць сямейныя правы, калі кладуцца ў пасьцель з жонкаю якога-небудзь мірнага грамадзяніна, таксама, ня лічыцца за парушэньне сямейных правоў, калі дзесятак салдат асталююцца ў спальні гаспадаровай дачкі, або ў пакоі, дзе з-за печы вызіраюць дзьве жаночыя і тры дзіцячыя галавы. Гэта, як кажуць, робіцца ў інтарэсах нацыі, дзеля абароны бацькаўшчыны, і ўсе зробленыя за ноч гвалты, прыгнечаньні і крыўды ліквідуюцца адным-адзіным стрэлам у бок ворага.

Вайсковы чыноўнік Аляксей Пятровіч Баранаў, пад загадам якога была 208-я рабочая дружына, што была накіравана з Віцебску на фронт, яшчэ ў цягніку прышоў да перакананьня, што шчасьце камандаваць рабочай дружынай з ваеннапалонных і быць іхнім неабмежаваным гаспадаром не паўторыцца больш ніколі ў жыцьці і таму яго трэба як мае быць скарыстаць. Паводле гэтых меркаваньняў ён ужо ў Маладзечне, дзе давялося стаяць, чакаючы на якое месца фронту назначыць іх штаб, прадаў спэкулянтам палову рыдлёвак, лапат і матыкаў, якіх, як ён думаў, было залішне шмат нагружана ў Віцебску.

Ён атрымаў за іх восемсот рублёў. Але ён любіў круглыя лічбы, дык ён даў у прыдачу да іх яшчэ два мяшкі рафінаду і пакунак чаю, пасьля чаго спэкулянты абкруглілі ўсю суму роўна да тысячы.

Вельмі задаволены сабою, што ён гэтак шпарка асвойтаўся з роляю начальніка, ён расходжваў узад і ўперад па пэроне, чакаючы канвою, які павінен быў праводзіць іх у Маладзечна.

Канвой явіўся, заглянуў у цяплушку і заявіў, што бязьлітасна будзе расстрэльваць кожнага, хто зробіць хоць найменшую спробу ўцякаць. Гэта былі апалчэнцы з Сібіру, якія амаль што першы раз убачылі чыгунку, калі іх павезьлі на фронт, і проста такі баяліся палонных.

Сьледам за гэтым быў атрыманы загад, каб дружына зараз-жа накіравалася ў Будслаў на пабудову чыгункі. Начальнік