Старонка:Svejk.6.pdf/73

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Хадзем да Ксюшы! — скамандваў Гаршына, крочучы па вуліцы. — Пачнем з іншага канца.

— Мы ходзім, нібы члены дабрачыннага камітэту, — заўважыў праз паўгадзіны Швэйк, выходзячы ад трэцяй жрыцы каханьня, якая прапанавала ім за пярсьцёнкі пляшачку одэкалёну, пачачак крэму «Мэтамарфоза» і стары гарсэт з некалькімі зламанымі костачкамі. Гаршына злосна плюнуў.

— Больш я нікуды не пайду. Марш цяпер на рынак і збудзем гэтыя д’яблавы пярсьцёнкі салдатам і бабам.

У панядзелак раніцаю салдаты і паліцыя ўтварылі ў горадзе аблаву і сагналі ўсіх ваеннапалонных, што папаліся ім у рукі, у баракі. Усюды былі пастаўлены вартавыя пасты, так што ніхто ня мог выбрацца на вуліцу. Вечарам іх накіравалі, абкружыўшы казакамі, на вагзал.

Сам генэрал Чарэднікаў, разам з сваім ад’ютантам, быў пры тым, як казакі заганялі палонных па трыццаць пяць чалавек у цяплушкі. Пры гэтым ён самаздаволена заявіў:

— Нават георгіеўскі крыж ня ўзрадаваў-бы мяне гэтак, як тое, што адсюль прыбіраюць гэтую банду. Я вам ужо расказваў, Васіль Пятровіч, што галоўнакамандуючы заходнім фронтам проста намякае, што прысланыя на фронт аэропляны былі сапсаваны ў Віцебску. Палкоўнік Клімаў аддадзены з-за гэтае справы пад суд. Ён быў камэндант станцыі. А сапсаваў іх ніхто іншы, як вось гэтая сволач. Што-ж, у гэтых людзей ёсьць патрыятызм!

Да цяплушкі, дзе сядзелі Ванэк і Марэк, Швэйк наўмысьля прыбіў навязку з чырвоным крыжам, «каб немец не падстрэліў», і, калі цягнік крануўся і іх цяплушка пракацілася паўз ад’ютанта, ён высунуўся з-за дзьвярэй і гукнуў:

— А ну, шукай мяне цяпер!


8

ЗА ЛІНІЯЙ ФРОНТУ

— Перакідка вялікіх мас людзей у часе вайны, і знаёмства з імі, нікому не далі гэтулькі асалоды, як абываталям гарадоў і мястэчак, што апынуліся раптам у цэнтры ваенных падзей.