Старонка:Svejk.6.pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Хлопцы, сьпяшайцеся! Цягнік зараз пойдзе. Ну што за дурні расійцы! Пакідаюць гэтакую маемасьць без аховы!

І, поўны моральнага абурэньня, гэты чалавек ускінуў свой мяшок на плечы і згінуў у змроку. Рэшта ўсе пашлі за ім.

Калі Пісклявы разгледзеў раніцаю здабычу ночнае экспэдыцыі, і даведаўся, што ўсё гэта зьнята з новых, назначаных на фронт самалётаў, ён пляснуў далонямі і сказаў:

— Вось гэта сапраўды сабатаж вайны: зьнішчэньне ваенных матэрыялаў!

Ён пачаў падрабязна разьвіваць сваю тэорыю пра вайну і заявіў, што адзіны сродак зрабіць вайну немагчымай, гэта — украсьці ўсю казённую маемасьць. У канцы ён сказаў:

— Гэтакім спосабам расійцы яе ня выграюць.

— Вядома ня выграюць, — радасна падхапіў Швэйк. — Але й ніхто яе ня выграе, бо ўсюды крадуць. Вось у нас у палку быў адзін салдацік, дык той пасылаў дадому казённую бялізну, боты, адзежу і што прыдзецца. Я яго запытаў, чаму ён крадзе, а ён адказаў: «Аўстрыя — гнілая дзяржава і павінна быць зьнішчана!» Я яшчэ ў той раз даў яму па мордзе, бо і ў мяне прапала пара казённых ботаў.

І ў ціхім пакойчыку, гаспадар якога Мойшка, афіцыйна гандляваў гарбузікамі, булкамі і яблыкамі, а, неафіцыйна скупліваў крадзенае ўночы і збываў яго кудысьці на старану, да стуку краўцоўскай машыны далучаўся скрып двух напільнікаў і сухое шорганьне сталёвага дроту, што ішоў на паліроўку пярсьцёнкаў.

— Сёньня мы ня будзем працаваць. Мы пойдзем здаваць заказы.

Яны пазьбіралі нанізаныя на шнурочкі вынікі шасьцідзённае працы і пусьціліся ў дарогу. У цёмным завулку Гаршына зайшоў у нейкую крамку і запытаў гаспадара:

— Што, Лідка, дома? Адна, можна да яе?

— Сьпіць яшчэ, — прагугніў той. — Але добра, заходзьце.

На старым жалезным ложку ў невялічкай каморцы, дзе цяжкае паветра змагалася з водырам одэкалёну і таннае пудры, ляжала красуня няпэўнага тыпу, якая пачала ўжо старэць. Калі