Старонка:Svejk.6.pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

7

НЕКОНЦЭСЫЙНЫЯ ПРАДПРЫЕМСТВЫ

Каб ня было пасьля вайны помнікаў, удоваў, сірат, сухотных і сіфілітыкаў, новых дзяржаваў і рэволюцый, бядоты і раскошы, экономічнага хаосу і агульнага сусьветнага крызісу, мыліц і штучных рук, забруджанага жыцьця і дэморалізаваных жанчын, дык, ва ўсялякім выпадку, памяць пра яе захавалі-б дзьве рэчы: салдацкія запісныя кніжкі з вершыкамі і песьнямі і пярсьцёнкі-сувэніры.

У той час, як у тылу людзі, што багацелі з кожным днём вайны, здымалі з пальцаў залатыя, упрыгожаныя дарагімі каменьнямі, пярсьцёнкі і абменьвалі іх дзеля карысьці Аўстрыі на жалезныя, з надпісам: «Золата за жалеза», салдат на фронце падбіраў алюміневую галоўку шрапнэлі, якая разарвала на шматкі галаву яго таварыша, каб расплавіць яе пасьля ў зьлёгку выдзяўбленай цэгле і зрабіць з яе пярсьцёнак. І, пакутуючы ў акопах, ён стругаў і абточваў гэты пярсьцёнак і вырэзваў на ім дату: 1914 год.

Пасьля салдаты набылі напільнікі і пачалі рабіць пярсьцёнкі сваім родным і знаёмым, каб прывезьці ім што-небудзь з фронту, нібы з кірмашу або з фэсту. Дату ставілі тады ўжо гэтакую: 1914–1916.

І от у гэтым апошнім годзе салдаты пачалі вырабляць пярсьцёнкі на продаж, а каб не абясцэньваць тавара няправільнай датай, яны пакінулі яе вырэзваць. Тэхніка вытворчасьці ўдасканалілася: з алюмінію выліваліся цэлыя трубкі, якія расьпілоўваліся пасьля на пярсьцёнкі, у іх рабілася медзяная пракладка, яны выпілоўваліся ў выглядзе гадзюк, гадзюка трымала ў роце мёртвую галаву і косьці, а нарэшце пярсьцёнкі пачалі ўпрыгожваць каляровымі каменчыкамі з цэльлюлёіду і чырвонымі сэрцайкамі.

Шрапнэльных галовак на гэтакую шырокую вытворчасьць пачало не хапаць, і давялося карыстацца горшым матэрыялам, што ня быў непасрэдна апырсканы чалавечымі мазгамі і крывёю. У справу былі пушчаны валавяныя гузікі, алюміневыя лыжкі, невялікія часткі ўсялякіх прыладаў, усялякі мэталёвы лом… І на-