Старонка:Svejk.6.pdf/67

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Зрэнкі пашыраны. У вас часта баліць галава? Вы яе адваеце?

— Я з самага маленства адчуваю, што ў мяне ёсьць галава, — плаксіва абазваўся Швэйк. — Я яе вельмі часта адчуваў. Найбольш тады, калі атрымоўваў па ёй кулаком. І адчуваў яе нават на другі дзень, калі напіваўся. Я так думаю, што чалавеку было-б без галавы куды лепш, бо тады-б яе нельга было-б прабіць бутэлькай або конаўкай ад піва. Вось цяпер я яе ўжо не адчуваю. Дзякуй богу, цяпер мне зусім добра. Мне стала куды лягчэй.

— Вы кожны раз сьцішваеце яго гіпнозам? — зьвярнуўся доктар да Марэка. — Капітан Байкоў вельмі цікавіцца оккультызмам, гіпнозам і іншымі падобнымі навукамі. Я вас пазнаёмлю з ім і як-небудзь прывяду яго сюды.

Не пасьпеў ён скончыць гэты сказ, як Швэйк зноў выкаціў вочы і стаў калаціцца ў яшчэ большым прыпадку, чым перад гэтым.

Калі доктар Карповіч нарэшце вышаў, Швэйк зьлез з ложка, адзеўся і заявіў:

— Не, я тут не астануся. Тут гэтак і пахне мардабойствам і нагайкаю, і тут лёгка можа здарыцца памылачка ці, праўдзівей сказаць, непаразуменьне маленькае. Са мною ўжо быў адзін гэтакі выпадак у «Ступарце», Зайшоў гэта я туды, а там усе гавораць пра злачынства, зусім непадалёку ад Крча, дзе знашлі труп зарэзанае і абрабаванае жанчыны, і стараюцца здагадацца, хто забойца. А я гляджу на аднаго пана, і ён здаўся мне вельмі знаёмы, так што я яго запытаў: «Слухайце, я тут павінен спаткацца з адным чалавекам, ці ня вы гэта той самы Мазурэк, якога я чакаю?» Ён як ускочыць, ды як смальне мне аплявуху, аж уваччу ў мяне ўсё ўскаламуцілася, ды як гукне: «Я табе пакажу, паскудніку, які я мазурык! Будзеш ты ў мяне памятаць, як зьняважаць добрага рамізьніка». А я-ж толькі запытаў, ці ня пан ён Мазурэк з Збраслава, бо ён на яго вельмі-ж падобны. Я і не падумаю аставацца тут дзеля якіх-небудзь гіпнозаў, — крыкнуў Швэйк абодвым «дактаром». — Я буду прыходзіць сюды толькі на ноч. Пісклявы падаўся шыць да аднаго краўца, а я з Гаршынай буду рабіць ў яго пярсьцёнкі.

І Швэйк накіраваўся шукаць шчасьця на новых занятках.