Старонка:Svejk.6.pdf/66

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ванэк убачыў, што гутарка пашла ў гэтакі бок, які, ня гледзячы на ўсю іхную эрудыцыю, мог быць ім не пад сілу, дык ён сьпешна запрапанаваў:

— Дарагі колега, ці не хацелі-б вы глянуць на нашых пацыентаў Праўда, у гэты момант вам тут ня знойдзецца нічога цікавага, але ваша клапатлівасьць узрадуе маіх хворых.

І ён пачаў хадзіць з пахваленым расійскім доктарам паміж ложкамі, каля кожнага гаворачы ўсё адно і тое-ж:

— Інфлуэнца, інфлуэнца, інфлуэнца.

Доктар павярнуўся да аднаго з ложкаў, з якога чуваць былі глухія енкі. На ложку круціўся і кідаўся ў бакі чалавек, закрываючы абедзьвума рукамі твар. Пасьля ён скінуў з сябе коўдру і пачаў страшэнна дрыгаць нагамі.

— Што з ім? — запытаў доктар Карповіч, адыходзячы ад яго далей.

— Эпілепсыя, злучаная з маніяй страху, што яго хтосьці ловіць, — спакойна адказаў Марэк.

— Пры высокай тэмпэратуры? І часта ў яго бываюць гэтакія прыпадкі? — з цікавасьцю запытаў доктар Карповіч.

— Не, ня вельмі. Але затое яны вельмі небясьпечныя, бо ён тады буяніць, — хлусіў, не чырванеючы, Марэк. Падышоўшы блізка да хворага, ён памацаў яго лоб, адвёў яго рукі ад твару, зірнуў яму ў вочы і шапнуў:

— Ён цябе ня ведае. Ня бойся.

— Якім чынам вам удалося яго сьцішыць? — з цікавасыцю запытаў доктар Карповіч. — Гіпнозам?

І Ванэк зноў папярэдзіў Марэкаў адказ:

— Я-ж казаў вам, што ён найлепш спраўляецца з душэўнахворымі.

Доктар Карповіч сам падышоў да Швэйка і, узяўшы яго за руку, стаў глядзець на гадзіньнік.

— Пульс паскораны, — сьцьвердзіў ён. Пасьля ён дастаў з кішэні градусьнік, уставіў яго Швэйку пад паху, паглядзеўшы яму ў вочы: