Старонка:Svejk.6.pdf/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І тут на Швэйка тхнула гэтакім густым букетам, што ён ня ўтрымаўся ад заўвагі:

— Гэта ў цябе ў роце ці ў жываце нядобра? Можа ў цябе кіндзюк распух, што з цябе сьпірытусавымі кампрэсамі патыхае? Ты што-ж гэта, іх у сярэдзіну прымаеш, ці што?

— Табе гэтакі кампрэс не памог-бы, — адказаў Ванэк, а пасьля зьвярнуўся да Марэка: — колега, зьмерайце яму, калі ласка, тэмпэратуру. Зьмерваньне тэмпэратуры мае вялікае значэньне пры пастаноўцы дыягнозу.

І ўдалы ваяка Швэйк, сьцішыўшыся на сяньніку, у якім асталося яшчэ некалькі саломін, акінуў ласкавым зіркам апраненага ў белы халат «доктара» Марэка, што падсеў да яго, узяў яго руку ў сваю і пачаў лічыць пульс.

— Зьбегай, будзь таварышам, у барак, — зашаптаў Швэйк, — і скажы Гаршыну, каб ён купіў мне на вечар кілбасы і пару піва, бо я хворы і мне гэтак доктар загадаў.

Якраз у лазарэт нечакана зайшоў расійскі доктар. Ён ласкава прывітаўся з сваімі аўстрыйскімі колегамі і заклапочана запытаў:

— Ці шмат у вас хворых? Ці ня было цяжкіх выпадкаў? Я ўжо два тыдні не атрымліваў ад вас рапартоў пра хаду хвароб і пра санітарны стан ваеннапалонных.

Трэба сказаць праўду, што кожнага, хто, як здавалася Ванэку, быў сапраўды хворы, а ня толькі сымуляваў хваробу, каб ухіліцца ад работы, ён накіроўваў у расійскі лазарэт, і доктар Карповіч не забыўся гэта падкрэсьліць:

— Так, так, вы ўсё шляцё на нашу шыю. Самому — абы збыць з рук, а колегу — на шыю… А асыстэнт у вас па якіх спэцыяльнасьцях? Колега, вы спэцыяліст па якіх хваробах?

Марэк разьзявіў быў ужо рот, але Ванэк папярэдзіў яго:

— Ён спэцыяліст па вэнэрычных хваробах. Лаурэат Парыскай акадэміі. Вялікі знаўца і па нэрвовых захворваньнях.

Доктар Карповіч конфідэнцыяльна скланіўся да Марэка і запытаў:

— А вы васэрманаўскую добра рабіць умееце, колега? У мяне яна штосьці дрэнна ўдаецца. А тымчасам, мне і самому яна згадзілася-б.