Старонка:Svejk.6.pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Я, ведаеш, хацеў за ўсё пяцьдзесят рублёў, — адказаў ціхавата Гаршына, нагінаючыся да мокрых ручнікоў. — Шапка-ж, можна сказаць, новая, ну, а новая каштуе сто шэсьцьдзесят. Нічога, пан капітан неўзабаве накрадзе сабе на новую… А Моўшка даваў толькі трыццаць, бо, кажа, яна крадзеная, а ён гандлюе толькі сапраўдным таварам. Так што прышлося спусьціць за трыццаць пяць рублёў і бутэльку гарэлкі ў прыдачу. І пашанцавала-ж табе, Швэйк, што мы з табою спаткаліся!.. Ну, а цяпер можаш дастаць коркі з рота, і давай закусваць.

Чалавек з хворымі зубамі ўсадзіў два пальцы сабе ў рот, і, калі дастаў назад, шчака адразу апала. Гэтакім-жа парадкам зьменшылася і другая, калі ён выплюнуў корак, і Пісклявы моцна сказаў:

— Ручнікоў пакуль што не чапай. Ліха яго ведае, гэты д’ябал можа яшчэ вярнуцца. Коркі — дык ты заўсёды пасьпееш у рот усунуць, Ну, от табе нож. Гаршына, дастань кілбасу і бутэльку.

І неўзабаве, калі ўсё сьціхла і асталіся адно групы карцёжнікаў, што заядла рэзаліся ў карты. Гаршына пачаў скакаць з бутэлькаю ў руках на нарах, у той час як Пісклявы абсмоктваў скуру з кілбасы. А пасьля тыя, што спазьніліся і цяпер як тхары шыліся ў барак, чулі швэйкаў голас:

Віцебск — горад ніштаваты
Не забудзеш аж да хаты.
Многа ёмкіх тут дзяўчат,
Бо тут казармы для салдат.

Калі Швэйк расказаў зранку свае прыгоды Ванэку і Марэку, доктар Ванэк хмурна паківаў галавою:

— Ува ўсякім разе, цяпер ты ня можаш выходзіць на работу. Табе прыдзецца ляжаць тут, і я буду запісваць тваю тэмпэратуру. Калі ён цябе пазнае, — а ён яшчэ доўга будзе шпіёніць, — дык табе — каюк. Капітан Байкоў сьвіня, жывёліна, якая куды ня трэба суне свой лыч, хоць нічога і ня ведае. Ён-жа нават і ў выдачу лякарства ўмешваецца. Ён загадаў, каб з аптэкі не выдавалі чыстага спірытусу, а рабілі хворым кампрэсы з дэнатурату. Няўжо-ж я гэтак апусьціўся, што з-за нейкага там ідыёта пачну піць дэнатурат, або падліваць сабе ў гарбату карболь?!