Старонка:Svejk.6.pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Капітан Байкоў вельмі ўтаміўся. Злосьць яго ўжо сьцішэла; ён халадней пачаў глядзець на гэтае здарэньне, а пад канец у ім абудзілася нават захапленьне розумам і спрытам палоннага. Цяпер бачачы гэтакую масу незнаёмых, падобных адно на адно абліччаў, ён быў ужо ўпэўнены, што ня знойдзе і не пазнае вінаватага, і разьлічваў толькі на выпадак, які адзін мог навесьці яго на правільны сьлед.

Яму нават было шкода, што ён патрывожыў сон у гэтулькіх сумленных людзей, і ён спыніўся ля аднаго палоннага, у якога страшна апухлы, аж квадратовы ад пухліны, твар і ўся галава былі абкручаны мокрымі ручнікамі. Ён ледзьве стаяў на нагах, прытрымліваючы аднэй рукою нагавіцы, а другою падпіраючы бараду.

— Ну, што з табою? Зубы баляць? — спагадліва запытаў капітан.

Пакутнік штосьці прамармытаў, ківаючы галавою і паказваючы пальцам на рот. Капітан гаварыў:

— Але, гэта страшны боль. Знаёмая штука. У доктара быў?

Перавязаная галава зноў безнадзейна кіўнула, і постаць яшчэ больш сагнулася. Каштан сказаў узводнаму:

— Пры чырвоным крыжы ёсьць зубалячэбная амбуляторыя. Пашлі заўтра хворага туды, і няхай ён скажа, што гэта я прыслаў яго.

І, паляпаўшы хворага па плячы, ён ласкава сказаў:

— Кладзіся спаць. Пацярпі яшчэ да раніцы, а заўтра доктар табе зуб заплёмбуе.

Згорбленая ад балю постаць, пагойдваючыся, пашла да нараў. Двое таварышаў памаглі ёй узьлезьці нагару і самі палезьлі туды сьледам за ёю. Капітан пакінуў барак, узводны зачыніў за ім дзьверы, і сьвіставаты голас каля самае галавы хворага сказаў:

— Паляжы яшчэ. Можа ён яшчэ вернецца. З гэтакімі людзьмі трэба асьцярожна. — У адказ на гэта чалавек з хворымі зубамі прахрыпеў:

— Ды я ўвесь мокры, як мыш. Я ўжо думаў, што ён мяне пазнаў. Проста да сьмерці спалохаўся… Гаршына, колькі далі за ўсё?