Старонка:Svejk.6.pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён чыркнуў запалку і запаліў сьвятло. У канцылярыі нікога ня было. На стале ляжала брудная кашуля, але палонны як у ваду згінуў.

— Пачакай, за гэта табе яшчэ таксама будзе! Усёроўна, варта цябе ня выпусьціць, а на дварэ я цябе знайду! — прашыпеў ён, шукаючы вачыма свае гімнасьцёркі, шыняля і шапкі.

Але нічога гэтага ня было відаць. Капітан кінуўся на двор і закрычаў:

— Каравул! Каравул! Трымай злодзея, лаві яго, не выпускай яго, гада, за барму.

З каравульні выбеглі перапалоханыя салдаты і пачалі шукаць злачынца ў праходах паміж магазынамі. Капітан паімчаўся ў каравульнае памяшканьне і накіуўся на старшага:

— Палоннага ня выпусьцілі? Ён мяне абакраў! Напаў на мяне ў канцылярыі і аграбіў!

— Вінават, ваша высокаблагародзьдзе, вы тут? — заікаючыся, пралепятаў каравульны начальнік. — Вы-ж… вы-ж з хвіліну перад гэтым вышлі з брамы?! Каравул-жа вам і чэсьць аддаваў, я сам бачыў, як вы выходзілі. Як-жа гэта вы цяпер тут, у канцылярыі? Як гэта вы ваша высокаблагародзьдзе, вярнуліся? Я-ж сам на свае вочы бачыў, што вы вышлі і мы вам яшчэ і чэсьць аддавалі…

Заместа адказу капітан жудасна раўнуў:

— Дурань, маць тваю! жывёліна! Аўстрыяк апрануў мой шынель і шапку, а ты тут дзеля гэтага разбойніка, дзеля гэтае сволачы каравул выклікаў! Што-ж вы — афіцэра ад палоннага адрозьніць ня можаце? Цьфу! Абармоты, жывёліна шэрая, размазьня, а не салдаты! Толькі слаўную расійскую армію ганьбіце!

Ён загадаў заняць ўсе выхады, каб ніхто ня мог уцячы. Расійскія унтэр-афіцэры, пад загадам якіх былі баракі, пацьвердзілі, што усе ваеннапалонныя на месцы, — пацьвердзілі вельмі ахвотна, бо тыя, хто сядзеў вечарамі ў шынкароў, або цэлымі начамі быў з дзеўкамі, не забываліся прыносіць ім за гэта пляшку гарэлкі. Пасьля ён загадаў насельнікам баракаў выстраіцца ў шарэнгу і крок за крокам абышоў усіх, уядаючыся ў кожнага вачыма. Але таго, што вырваўся з яго рук, ня было сярод іх.