Старонка:Svejk.6.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Яны прыедуць, пройдуць па бараку і зноў згінуць к чорту, — сказаў Марэк. — Не чакайце, каб яны хоць на каго-небудзь зірнулі.

— А як-жа! — дадаў Пісклявы. — Камісія-ж павінна знайсьці ўсё ў поўным парадку. Але, трасца іх матары, — і яго голас сарваўся ад узбуджанасьці, — я ім тут пакажу. Я ім, сволачам, не паддамся. Я ім пакажу! — злосна прашаптаў ён.

— Ня хопіць-жа ў цябе, я думаю, нахабства пакрыўдзіць жанчыну, — паціскаючы плячыма, заўважыў Швэйк, — Слухай, браце, я табе гавару, што й ты будзеш рад таму дабру, якое яны нам зробяць. Гэтакія дамы на ўзьвей-вецер нічога ня робяць, і калі ўжо за што-небудзь возьмуцца, дык забываюцца на ўсё. Вось, калі я быў у гарнізонным шпіталі, у суседнім пакоі ляжалі параненыя, а сярод іх — нейкі Пазьдзерка з Бжаўнова. У яго была рана ў жываце, але яе пасьпелі зашыць, так што ён ужо думаў пра тое, куды смальнуць яму другі раз, калі ён накіруецца з маршавай ротай зноў на фронт. Санітараў тады не хапала і прыходзілі даглядаць параненых таксама гэткія вось дамы з чырвонага крыжу. Нейк надвечар зьяўляецца новенькая, якое я яшчэ ня бачыў, і садзіцца каля Пазьдзеркі на ўслон. Дамачка — проста анельскага хараства, і глядзіць на яго гэтак добранька і пытае: «Што, салдацік, ці ня трэба вам чаго-небудзь?» А ён злуе, што з ранай у жываце нельга паварушыцца, нават калі побач яго сядзіць гэтакая дзяўчына, і толькі матае галавою, што, значыцца, нічога ня трэба. Яна глядзіць яшчэ дабрэй: «Можа вам падушку паправіць?» А ён зноў — ня трэба, значыцца. Так у яе ад пачуцьця нават сьлёзы заблішчэлі, і яна шэпча ледзь чуваць, як на скананьні: «Можа-ж вам хацелася каб я абмыла вам твар?» Яму, Пазьдзерку, значыцца, стала таксама шкода яе, і ён кінуў галавою: «Але, але, будзьце ласкавы». Тады яна закасала рукавы, намачыла кавалак ваты і давай яго гладзіць сюды-туды па абліччы. Пасьля абцерла яго сухою ватай і ўсьміхнулася яму як анел: «Ну што, салдацік? Лепш вам цяпер? Асьвяжыліся?» А ён скрывіў твар заместа ўсьмешкі, каб не падумалі, што ён недалікатны, і гаворыць: «Але, сястрыца, я й вельмі задаволен, што вы задаволены. Бо мне не хацелася сапса-