Старонка:Svejk.6.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вачэй сьлёзы суму па прыгожай Аўстрыі. Гэта была старая, зморшчаная падла, ханжа, і клерыкалка, якая ўяўляла сабе, што знойдзе ўсіх ваеннапалонных на каленях: яны сумна накіравалі вочы свае на захад і па вушы ўплылі ў малітву да найвышшага бога, каб ён хаця не забыўся даць перамогі аўстрыйскай зброі…

Баронэса-ж Аустэрліц была маладая, стройная і наогул цудоўная. У ёй выяўлялася паўднёвая кроў, і ў яе згодзе праехацца ў Расію не малую ролю адыграла гарачая натура, якая пачынала бушаваць у ёй не давала ёй спаць. Праўда, палонных ёй таксама было шкода, аднак больш прыхільнасьці, чымся да іх, яна мела да расійскіх афіцэроў, якія гэта адразу заўважалі, хадзілі да яе гайнямі і стараліся перавысіць адзін аднаго ўсялякімі далікацтвамі.

Тых, хто вельмі выяўляўся ў гэтым кірунку, яна награджала от як: дазваляла вячэраць разам з сабою ў гасьцініцы, а пасьля памагаць ёй разьдзявацца перад сном. Цалюткую ноч яна тады ўпрошвала сваіх выбраньнікаў быць з палоннымі аўстрыякамі гэтакімі-ж мяккімі, далікатнымі і ўважлівымі, як і да яе самой. Надаваўшы гэтакіх дырэктыў, яна кожны раз даходзіла да вываду, што раніцаю яна адчувае ў сабе куды больш прыемную ўтому, чымся ў Вене, калі поплеч яе ляжаў яе муж, што пасылаў фураж на сэрбскі фронт і ўтрымліваў, апроч свае жонкі-баронэсы, яшчэ некалькі балерын і адну статс-даму, якая была за пасярэдніцу ў яго справах з інтэнданцтвам.

Вядома адразу, што прыезду гэтых венскіх арыстакратак чакалі з вялікаю цікавасьцю і што навокал яго круціліся ўсе гутаркі ў бараках. Выказваліся ўсялякія здогадкі, што гэтыя дамы скажуць, што будуць раздаваць, ці прывязуць лісты з радзімы, якія захады ўжывуць у інтарэсах ваеннапалонных і ці здолеюць стварыць да сябе павагу з боку расійцаў.

— Абы адно не прыслалі да нас якой-небудзь старое ведзьмы, — глыбока ўздыхаючы, заявіў аднойчы ўвечары Худзечак. — Браткі, ці паверыце, што я паўгода ўжо бязвыходна знаходжуся тут у лягеры і ня бачыў аніводнае бабы… Эх…

— Нічога, яны табе паддадуць іншых думак, як прыедуць, — спагадна заўважыў Швэйк. Знай надзейся і ня сумуй.