Старонка:Svejk.6.pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Неўзабаве ў канцылярыі выстраіліся трыццаць голых людзей. Капітан штосьці шапнуў фэльдфэбелю, які адразу-ж вышаў і прывёў восем здаровых салдат з вяроўкамі і яшчэ аднэй лаўкаю. Тады капітан скамандаваў:

— Па дваіх на лаўку! Ну, жыва, хлопцы, а то абед выстыне!

Палонных расклалі на лаўцы па адным з кожнага канца, зьвязалі ім пад дошкаю рукі і ногі, і капітан, раздаючы лазу, загадаў:

— Бі чысьцей! Хто будзе біць без адцяжкі, таго самога ўзгрэем! Пачынай. Раз, два, тры!

Лаза сьвістала ў паветры і ляскала, сьцёбаючы аўстрыяцкія зады, а капітан, ахоплены асалодаю і ўвесь паружавеўшы, не пакідаў лічыць:

— Чатыры, пяць, шэсьць, сем, восем, дзевяць! Яшчэ разок! Стой!

А пасьля запытаў павольна і далікатна:

— Што, галубочкі, будзеце яшчэ красьці? Ці, можа, пасаромеецеся?

— Ня будзем, ваша высокаблагародзьдзе, — заенчылі з падлогі восем галасоў.

— Гэ, ды яны паправіліся ўжо! — радасна абазваўся капітан. — Ну што-ж, галубочкі давайце яшчэ крыху, каб лепш памяталі.

Ён адлічыў яшчэ дзесяць разоў, і загадаў пакараным адзявацца. За імі на лаўкі ляглі другія, якім таксама адлічылі два разы па дзесяць, з адпаведным навучаньнем, за што гэта робіцца, а калі яны адзеліся, капітан саркастычна заўважыў:

— Раскажэце сваім таварышам, як я караю зладзеяў. Пакажэце ім свае бітыя зады. Расстраляць — я вас не расстраляю, вяроўкі на вас мне таксама шкода, але калі я яшчэ аднаго злаўлю, я яму ўсыплю пяцьдзесят гарачых гэтак, што ў яго задніца і сьпіна зробіцца на катлету. Хоць можаце пра гэта не гаварыць, — як сабе хочаце. На работу вам больш сёньня ісьці ня трэба. Лепш пасядзеце на сьнезе.

У той брыдкі дзень Швэйку давялося з другой партыяй нагружаць скуры ў гатовыя да адпраўкі вагоны. Праўда, яму ўдалося адрэзаць кавалак скуры сабе на падноскі, але затое фэльд-