Старонка:Svejk.6.pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

фэбель затрымаў яго да пасьляабеду, узяў яго з сабою абедаць з расійскімі салдатамі, так што Швэйку ня было як папасьці да сябе ў барак. Пасьля іх партыю паслалі на прыборку прывезенага абмундыраваньня, і Швэйк, які за ўвесь дзень нікога ня бачыў з сваіх і нічагуткі ня ведаў пра тое, што здарылася, да самага вечару ўдваіх з фэльдфэбелем прыбіраў склад.

Фэльдфэбель адно пасьпеў зьбегаць у клязэт, як Швэйк ужо нацягнуў на сябе тры кашулі і сунуў за халяву лішнюю пару ануч у боты. Пасьля ён пачаў з нецярплівасьцю чакаць званка, каб хутчэй ператварыць сваю здабычу на піва. Нарэшце празьвінеў званок; уся партыя высыпала на двор і выстраілася ў адну шарэнгу. Ля каравульнай будкі стаяў капітан Байкоў і, калі партыя праходзіла паўз яго, паказаў рукою і сказаў:

— У каравульню! Разьдзявайся!

Усе адразу паскідалі шынялі і курткі.

— Не-е-е, хлопцы, — засьмяяўся капітан. — Паднімай адны кашулі. У кожнага-ж толькі па аднэй кашулі і па аднэй пары споднікаў, хіба ня так?

Задаволены з свае рэвізыі, ён самаздаволена цмокнуў языком.

— Маладцы, хлопцы! Відаць, лава дапамагла! Можаце йсьці!

У найлепшым настроі, ён падышоў да фэльдфэбеля, які замыкаў склад. Ён хацеў яму штосьці сказаць. А тут Швэйк, што замарудзеў дзесьці, проста такі самахоць папаўся яму ў лапы.

— Ты дзе быў? Адкуль? — запытаў яго капітан, кладучы яму руку на плячо. Нават праз шынель ён абмацаў, што на плячах у палоннага больш палатна, чым трэба было.

— Я працаваў, ваша высокаблагародзьдзе, — спакойна адказаў Швэйк. Капітан злосна скрыгануў зубамі.

— Чаму-ж ты не пашоў разам з іншымі? І чаму ты гэтакі тоўсты, сьвіня аўстрыяцкая?

— Так што гэта я па бацьку пашоў, ваша высокаблагародзьдзе, — падаў адказ Швэйк, стоячы рукі па швох. — У нас уся сям’я тоўстая. Так што, дазвольце далажыць, ваша высокаблагародзьдзе, калі-б мне ўсё есьці адну толькі бульбу з вяндлінаю, я быў-бы яшчэ таўсьцейшы. Гэта ў нас, у Швэйкаў, гэтакая парода, што…